|
У малога мураша
Вельмi добрая душа.
Ён прынёс мышатам
Трохi лясной мяты.
„Ешце, не чыхайце!
З мёдам ужывайце!“
Да ваўка на госцi:
„Мо злавацца досыць?
Груш на нараджэнне,
Звары сабе варэнне.”
Да вечара мурашык
Цягаў, кацiў i важыў.
Малы, а вельмi дужы
I скача цераз лужы.
Калi знаёмы ў крыўдзе,
На дапамогу прыйдзе.
Вельмi добрая душа
У рудога мураша.
Сяргей Брандт, 10.05.2013
Ночка чыстым аксамітам
Лес зімовы засцілае.
Шлях да зорак, менавіта,
Маладзенькі месяц знае.
Малады і вельмі тонкі,
Зноў хаваецца за хмары.
І звініць марозам звонкім,
Льецца цемра на абшары.
Прамень жоўты, да зямелькі,
З неба адзінотай ззяе.
І пляце зіма кудзельку,
У забытым светам краі.
Сяргей Брандт, 03.01.2013
Першаму Князю Вялікага Княства Літоўскага МІНДАЎГУ
Што засталося нам у памяць ад дзядоў —
Ляжыць крушынаю замшэлых валуноў.
Змывае жаль магутным павaдкам ракі
І помняць не ўсе старыя берагі.
З лясоў сырых, са скошаных лугоў,
Прыходзяць сны ад векавых дубоў.
Павольна так гісторыю нам край пяе
І з ласкі божай князь Вялікі ўстае.
Трымае моцна ён, як у былых вяках —
Лёс, мір і будучыню ў сваіх руках.
Каб не забылі мы глыбокіх каранёў,
Салодкі волі смак і цішыню капліц,
Пад раніцу са стылых туманоў
Спадар Зямлі ідзе, як подых навальніц.
12.12.2011
Зямля, счарнеўшыя бакi,
Пакрыла зеленню вясновай.
І над ракой амаль сталёвай
Запелi звонка жаўрукi.
I, пацягнуўшыся, ад сну,
Пакрыўся кветкамi ўзгорак.
Ляцiць премнае да зорак:
„Удзячны ўсе табе, вясна!”
„Ты прыпазнiлася, не жарт!”
Лес шалясцiць вiльготным духам.
„Працуй, сястрыца, i не слухай,
Зiмы мы скiнулi цяжар.”
Сяргей Брандт, 07.05.2013
|
Рэкамендуем:
|
|
Новыя каментары