На замеценых снегам вузкіх гарадскіх вуліцах дагараў кароткі снежаньскі дзень, але ўжо ўспыхнулі жоўтымі светлячкамі бронзавыя ліхтары і змроку прыйшлося адступіць, а пазней схавацца ў цёмных пустых падваротнях. Незлічонае мноства святочных вітрын зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі, прыцягвала да сябе дзяцей і дарослых. Напярэдадні Каляд усё навокал станавілася больш прывабным, а дзе немагчыма было схаваць недахопы, упрыгожваючы мішурой і гірляндамі, на дапамогу прыходзіў лёгкі пухнаты снег. Ён прыкрываў, згладжваў і рабіў двары, стары хмурны парк, маленькую плошчу чыстымі і дагледжанымі. І дзякуючы гэтай несумненнай ўрачыстасці прыроды, хацелася верыць у цуды.
Насупраць крамы з яркімі і дарагімі цацкамі стаяла, ледзь дыхаючы, маленькая дзяўчынка. Яе косы амаль дакраналіся да празрыстага халоднага шкла, а вочы глядзелі на вялікую, у сіняй сукенцы, ляльку. Паліто на дзяўчынцы было крыху не па памеры, чаравічкі – моцна збітыя набок, а шарсцяная хустка, на самай справе, належала бабулі. Карацей кажучы, лялька для малой заставалася толькі марай.
Яна ўздыхнула і ўжо памкнулася адыходзіць, як убачыла, што побач стаіць, абапёршыся лапкамі на вітрыну, і ўважліва разглядаючы яе, чорны пухнаты кот.
— Мне гэтая лялька таксама адразу спадабалася. Сапраўды, яна самая прыгожая з усіх цацак?
Малая збянтэжылася, але захоўваючы спакой (перад Калядамі рознае здараецца), ціха адказала Кату, які ўмеў размаўляць:
— Так, яна самая прыгожая лялька з усіх лялек, але лічбы на цэнніку забараняюць марыць аб ёй. А хіба дзіцячае шчасце, можна вымяраць грашамі?
Раптам наляцеў парыў ветру, раскідаў яе словы, змяшаў іх з вулічным шумам, панёс высока ў неба. Кот гучна чыхнуў, таму што адна з сняжынак знянацку села яму на нос. Чытаць далей » Самыя запаветныя жаданні. Казка пра Зорнага Ката і Каляды – Сяргей Брандт