|
Сват Тарфянiкy, Хрумцяй,
З-за вугла не паглядай,
Пад акном не бармачы,
Не палохай, не хрумчы.
I маленькiх не чапай,
Брат Кiкiмары, Хрумцяй.
Малачком аблiта луста,
Вось табе льнаная хустка.
Ты iдзi ў лес сцяжынкай
I хрумсцi сваёй галiнкай.
Ты маленькiх не чапай,
Сын Вадзянiку, Хрумцяй.
Як туман вячэрні, згiнь!
Я кажу табе: “Амiнь!”
Сват Тарфянiкy, Хрумцяй,
Ад прамовы уцякай!
Сяргей Качанаў-Брандт, 26.03.2015
Там, дзе распахана ралля
Пад плугам моцнага каня,
Узыйдуць потым каласкi
I засiнеюць васiлькi.
Там, дзе хвалюецца раўчук
I лiчыць ластаўкi хлапчук,
Дзе цягне кмiнам ад ракi,
Снуюць паважныя гракі.
Дзе за абшарамi абшар
I трошачкi народных чар,
Сцяжынам, як вядома, брат,
За вёскай чысты далягляд.
Дзе роўныя ляжаць пакосы,
Блiшчаць бурштынавыя росы.
Вiсiць буслiны клёкат звонкi,
То Беларусь — мая старонка.
Сяргей Качанаў-Брандт, 23.03.2015
Крыж дацягнеш да Галгофы
На сваiх плячах, а потым
Сядзеш побач сутык с богам,
Кроў змяшаўшы з лiпкім потам?
Смерць адпусцiць, як звычайна,
Не адпусцiш — зменай будзеш.
Але ж у постацi астральнай
Не змухлюеш, не змухлюеш…
Твой прыход святлом лiчыўся,
Сутнасць не выносiць болi.
Але ж там хтосьцi памылiўся,
Не вярнуць cвятла нiколi.
Не пачуўшы – не раскажаш,
Няма цябе i крыж твой стыне.
I твар густой крывёю мажуць
Таго, хто быў заўжды ў памiне.
Сяргей Качанаў-Брандт 15.09.2013
Крыніца ілюстрацыі: http://www.nsad.ru/articles/vozmi-krest-svoj
ці
“А колькі мне, зязюля, гадоў яшчэ засталося?”
Захацелася неяк аднойчы зязюльцы шэрай адной з самых цудоўна-спяваючых птушак стаць. За дапамогай яна паляцела да жоўтага сонейка, што над лесам толькі ўзыходзіла:
— Дапамажы мне, цёплае і пяшчотнае сонейка! Вельмі ж хочацца спяваць так, каб нават паветра ад майго спеву не рухалася зусім, а слухала толькі мяне і слухала”.
— Разумееш, шэрая птушка, на свеце ўжо ёсць вялікае мноства добрых спевакоў і спявачак. Усе яны вельмі цудоўна ўголас спяваюць і так хораша, што здаецца мне — не трэба яшчэ адной новай. Табе, птушка, другой справай патрэбна займацца і час людзям нагадваць сваім праўдзівым пералікам.
Не спадабалася зязюлі тое, што ей сонейка прамовіла. Паляцела яна далей да ветрыка паўднёвага. Можа ветрык ёй дапамагчы зможа? Паўднёвы ветрык на галінах аднаго вялікага дуба адпачываў пасля таго, як цалюткую ноч хмаркі дажджавыя з-за гор далёкіх да ляснога краю падганяў.
— Дапамажы мне, лагодны і добры ветрык! Вельмі ж мне хочацца спяваць так, каб нават рэкі свае хвалі блакітныя спынялі ад майго цудоўнага спеву і, каб вада не рухалася зусім, а толькі мяне слухала і слухала.
— Не разумееш ты нічога, птушка шэрая. Навошта табе спяваць цудоўна, калі маеш такую сур’ёзную справу – пералік часу весці, лічыць хвілінкі хуткія і ператвараць маруднае ў цікавае. Нікога ты, птушка, не чуеш і не хочаш чуць, бо занадта ганарлівай зрабілася. Другой справай патрэбна займацца таксама – дзетак сваіх расціць.
Вельмі не спадабаліся зязюлі словы паўднёвага ветрыка. Паляцела яна да часу сусветнага, які паміж небам і зямлёй, днём і ноччу, як бліскучае возера разліўся.
— Дапамажы мне, час сусветны і бессмяротны! Хачу я спяваць так, каб нават хвілінкі хуткія, мае спевы слухаючы цудоўныя, на адным месцы ў нерухомасці застывалі, а толькі мяне слухалі і слухалі.
— Якая ты неразумная, шэрая птушка. Ніхто на белым свеце не можа лічыць так, як ты лічыш. Ніхто із птушак нават не ведае пра тое, што час — ёсць істота жывая і неміласэрная. Ты хочаш, каб цябе слухалі? Добра. Я зраблю так, каб табе ніколі часу не хапала, каб толькі ты ўслед за часам лётала, а дагнаць ніколі не змагла б. На тысячу гадоў табе, птушка, такое выпрабаванне, — прамовіў ціха час і ўжо амаль тысячу гадоў шэрая зязюля кукуе ды кукуе, спяшаецца, збіваецца, зноў пачынае. Нават хвілінкі не застаецца дзетак сваіх вырасціць! Хавае яна свае яйкі ў чужыя птушыныя гнёзды і плача ўголас потым, лічыць і плача. Слухаюць яе людзі, не разумеюць нічога, пытаюцца ў птушкі:
— Зязюля, зязюля, а колькі мне яшчэ гадоў засталося?
Лічыць птушка, але не людзям, а сабе тыя дні, тыдні, што засталіся ёй у дар за сваю ганарлівасць. Ды вось бяда якая! Кожны раз яна па-новаму лічыць, бо час кожную хвілінку змяняецца. Паспрабуй яго ўтрымаць ці дагнаць, калі маеш такую здольнасць! А хвалі свой час прыпыняюць, слухаючы шэрую птушку. Паветра нерухомым робіцца. Нават час, істота жывая, назад зазірае, бо гэтак цудоўна спявае зязюля сваю песню. А можа яна так горка плача?
Сяргей Качанаў-Брандт, 16.03.2015
Крыніца ілюстрацыі: http://design-kmv.ru/art-baraxolka/art-kalendar/26-maya-prazdnik-kukushki-kumlenie.html
|
Рэкамендуем:
|
|
Новыя каментары