|
КАЛАЎРОТ
Цяпер амаль усе забыліся для чаго я ў гаспадарцы патрэбны. Малыя, калі бачаць мяне,
смяюцца: “Вунь, якое кола цікавае!” Можа яно ад драўлянай нейкай машыны. А раней мой музычны спеў быў чутны ў кожнай хаце, асабліва доўгімі цёмнымі вечарамі. Прадзе бабка кудзельку і я побач гуду, спяваю. Дзеці малыя на печцы ляжаць, казкі розныя слухаюць. Гарыць смаляная лучына, агеньчык роўны, бо таксама ўважліва слухае. Нават я пачынаю гудзець цішэй, а за вокнамі вецер шалёны лятае. Надвор’е кепскае, дождж, як з вядра л’е, а ў хаце ўтульна і цёпла. Новы вечар — новае апавяданне бабка апавядае, калаўрот сваё кола круціць і пяе, пяе сваю бясконцую песенку. Потым зробяць з шэрых нітак шарсцяных малым шкарпэткі або цёплыя камізэлькі на зіму і ў кожнай рэчы застанецца цікавая казка. Ці не цуд гэта? Колькі ж гадкоў я сваім гаспадарам праўдай і верай служыла, колькі кудзелі ў добрыя рэчы ператварыла. Ды час прамінуў і кінулі мяне, як смецце непатрэбнае ў паветку. Каб не маленькі хлопчык, напэўна ён нейкі асаблівы хлопчык, схаваў мяне ў пуньцы, акуратна накрыўшы старой саломай. Вось цяпер ляжу з усімі разам, але толькі сёння расказаў пра свае жыццё-быццё, якое нічым адметным не адрозніваецца. Старыя рэчы ў гаспадарцы — непатрэбныя рэчы.
ДРАЎЛЯНЫЯ НАЧОЎКІ
Вось гэта апавяданне будзе апошнім. На кірмашы гаспадар аднаго зусім
маленькага хутарка прыдбаў начоўкі з ліпы ў мясцовага майстра, але калі разлік пачалі праводзіць — трохі грошай не хапіла і ён даплаціў за нас вядро груш дзічак. Так нас потым і назвалі “дзікаватыя”, не ў тым сэнсе, што дзікія, а ў тым, што за дзічкі купленыя. І пайшлі гады, як блізняты ў няспыннай працы: дзетак малых у нас купалі, бялізну мылі, і, нават збожжа захоўвалі. Аднойчы ўзімку малыя дзеці пакуль бацькоў не было, пачалі з горкі ўніз спускацца. Не ўсім прантоў і санак хапіла. Самы малы нас і прыспасобіў для сваёй гульні. Раз скаціўся, другі, а потым на трухлявы камель наляцеў і трэснуў наш бок ад болю.
Вечарам бацькі дахаты вярнуліся і праз слёзы з рэвам выкінулі нас з хаты на прамерзлую дрывотню. Добра, што дзеці потым у сене перахавалі, а праз некалькі месяцаў і самі сваю схованку згубілі. Усё як ва ўсіх, нічога новага. Пакуль працуеш — патрэбны, але калі сапсуюць цябе — адзін ёсць выхад, у печ ці на смецце. А як хочацца ў голас пра сябе
расказаць. Ды толька гэта ёсць марная надзея…
Дарагія чытачы, усе непатрэбныя рэчы зараз чакаюць Вас у школьным краязнаўчым музеі і з’яўляюцца самымі каштоўнымі экспанатамі. Яны распавядаюць наведвальнікам свае цікавыя гісторыі, вучаць нашчадкаў шанаваць і захоўваць спадчыну.
Сяргей Брандт, 21.07.2014
Крупой бераг зацярушыць,
Цягне белым па вадзе.
Завiруха ў танцы кружыць,
Снег раўнёханька кладзе.
Бруд схаваецца надоўга,
Толькi нейдзе мшыць рудым.
У белых новенькiх ватоўках
Стаяць хваiнкi i кусты.
Сяргей Брандт, 21.07.2014
У гармонii з душой людской зямля,
Так было сёння, будзе заўтра і пасля.
А кожны дзень цудоўным будзе днём,
Пакуль мы шчыра для ўсiх жывём.
Плыве па небу жменя чорных хмар,
Але ад гэтага не будзе сумным твар.
Вясёлка невядомым пафарбуе далi,
Праз дахi працякуць рачныя хвалi.
У гармонii з душой людскі спакой,
Прачнуцца зоркi над вясковаю ракой.
Кране за сэрца ветрам верасковы водар,
Жывi i помнi, што ты з Беларусi родам!
Сяргей Брандт, 18.07.2014
Частка другая
ХВАЁВАЯ БАРАНА
Цяпер я буду распавядаць сваю цікавую гісторыю. Змайстравалі мяне два цесляры
з суседняга мястэчка для маладой сям’і за мех дробнай бульбы і ладны шман сала.
А чым яшчэ плаціць, калі толькі-толькі на зямлю стаў і працаваць пачаў на сябе, а не на пана. Добра мяне змайстравалі, як кажуць людзі, з пачуццём. І пайшла я баранаваць сухі суглінак, наверх выкарчоўваць старыя карані і рэшткі гнілых пнёў. А каб глыбей мае зубы маглі ў зямлю ўвайсці, дык зверху паклалі на мяне некалькі цяжкіх доўгіх цаглін. Першы свой зуб згубіла я, калі натыкнулася на корань даўно згінуўшага дуба. Быццам на жалезную руду патрапіла. Потым яшчэ адзін, затым яшчэ — пакуль мой гаспадар сабе новую сталёвую ў кузні купіў. Мяне ж выкінулі, як непатрэбную, у смецце. Добра што не спалілі. А я магу і далей працаваць. Вось толькі палову зубоў згубленых на новыя замяніць. Праца мяне не палахое. Кажуць людзі, даўно дапамагае ім сталёвы конь, які цягне дзесяць сталёвых барон. Куды мне бяззубай з ім у працы цягацца.
КРОСНЫ
А колькі добрага і патрэбнага мы сваім гаспадарам зрабілі. Дзень грукаем, цялюткі шэры поцемак працуем пры лучыне, узоры неверагодныя тчом. Тут табе і ручнікі шлюбныя для нявест, у кожным з якіх свой прыгожы малюнак і арнамент, і посцілкі льняныя
шэрыя, якія потым з часам на сонцы бялюткімі стануць, як малако, і нават чароўныя
габелены. Гэта зусім іншая справа. Іх рабіць павінен майстар і не ў кожнай хаце ён быў. Наш майстар выконваў розныя заказы, яго творы нават за мяжой добра куплялі,
бо ён сапраўды мог усё жывое перанесці на льняное палатно і нічога не згубіць, ні аб чым не забыцца. А калі разгортвалі яго новы твор, усе ў голас дзівіліся: “Якая цудоўная праца. Якія жывыя валошкі, быццам вецер у полі іх сапраўды калыша”. Але з часам усё змяняецца. Памёр майстар, а дзеці працу яго не перанялі, пайшлі ў сваё жыццё. Нас, як невядомую затым пачвару, кінулі на гарышча і забыліся. Вось бы нам хоць адзін вечар папрацаваць і апошні габелен зрабіць. Ды хто цяпер ведае, што такое кросны. Такая наша сумная гісторыя.
Сяргей Брандт, 16.07.2014
|
|