|
Замятае палi снег,
Даўжыню хавае рэк.
Вецер вые, пяе воўкам,
Атрымаў дубок ватоўку.
I стаяць у снезе хаткi,
Спяць вавёркi, лiсяняткi.
Бачуць сонейка ў сне,
Лес вясёлы па вясне.
А над дахам раве глуха,
Трасе мехам завiруха.
Замятае палi снегам
I гуляе ўздоўж па рэкам.
Сяргей Брандт, 10.12.2013
Лес цямнюткi поўны чар,
Замiрае лiст у ценi.
Ноч не стане на каленi,
Не схавае месяц твар.
Не зацягне ў свой сон,
Не кране агеньчык сэрца.
Рыпнуць горка неяк сенцы,
Жаль адыйдзе ад вакон.
За нагу трава кране,
Рвецца крык нечалавечы.
Але дыхаць болей нечым,
Жудасна, як быццам у сне.
Стог сустрэне на шляху,
Ён накрыўшыся туманам,
Будзе плямай нечаканай,
Што ўбачыш за вярсту.
Сяргей Брандт, 29.11.2013
Цягнік ехаў на Багданаў
Вёз сямейку тараканаў,
Тры вяртлявыя блахі,
Верабейку з-пад страхі.
Віленскіх кратоў паважных
І ваўкоў занадта страшных.
Малпы ехалі асобна —
Смецця шмат, не вельмі добра.
Але нейдзе пад Вілейкай
Сапсавалася калейка.
Разабралі свінкі рэльсы
І схавалі скарб у лесе.
Што рабіць? І як даехаць?
Пасажырам не да смеху.
Напісалі доўгі ліст
Тоўсты крот і машыніст.
Ультыматум лясным свінкам:
“Шлях разбіты на хвілінкі.
І каб не было здарэння
Вярніце рэльсы і бярвенні.
А то ваўкі зайдуць на госці
І вам ніхто не пазайздросціць.”
Праз імгненняў можа пяць
Рэльсы сонейкам блішчаць.
Як сказалі свінкі потым:
“Шлях хацелі праз балота.
Але лепей на Багданаў
Ехаць з чорным тараканам.”
18.11.2013, Сяргей Брандт
Народнаму майстру Тарасюку Мікалаю Васільевічу
Пайшло сонца на ўсход,
Слухай казку пра народ.
Ён калісьці быў разумным,
Дамавітым і не сумным.
Зямлю конікам араў,
А ўвечары – спяваў.
Былі ж я го дзеткі,
Як рамонка кветкі.
Што здарылася затым —
Лёсам цяжкім горкі дым.
Грак жалобна закрычаў
І народ драўляным стаў.
Стаў народ драўляным
Быццам замаўляным.
Робіць – зранку да начы,
І маўчыць, маўчыць, маўчыць.
Без цяпла і без сумлення
Добра ставіць на калені.
Маўчаць людзі з дрэва,
А каму што трэба?
Дзе знайсці замову,
Каб чароўным словам
Ці якім указам
Ператварыць усё разам.
Але трымаюць моцна
Ніткай шэрай кросны.
Можа зноў для пана
Ты, народ драўляны.
14.11.2013, Сяргей Брандт
|
|