| 
			
		 | 
		
		
				
		
		
		
		
								
										У часопісе «Бярозка» — новы літаратурны конкурс «Казкі са школьнага ранца». Паўдзельнічаць у конкурсе могуць усе, каму яшчэ не споўнілася 18 гадоў. У жніўні 2014 года, напярэдадні Дня беларускага пісьменства, прафесійнае журы вызначыць пераможцаў казачнага конкурсу, якія будуць узнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі прызамі.  Чытаць далей » “Казкі са школьнага ранца” — конкурс казак 
 								 	
						
		
								
										
                                    Гiсторыя, якая вельмi падобная на казку 
Гэта былi тыя часы, калi простыя людзi жылi побач са старажытнымі багамi. Арэ мужык зямельку цi збiвае ў валкi скошаную канюшыну, багi заўсёды побач з iм то ў вобразе шэрага зайца пад зялёным кустом, то ў вобразе гаварлiвай вясёлай птушкi ў сiнявокiм небе. Пойдзе дзеўка па ваду да ракi — сонейка ласкавае яе з усiх бакоў святлом i цяплом абдымае, а ўначы свавольнiк-ветрык адчыне акенца i прабяжыць хуценька па хаце, як быццам нечым лёгкiм грубку i ложак абгарне. Але разумеюць людзi — гэта бог Cонца зямлю ад усяго нядобрага захоўвае, а бог Вецер лётаючы над зямлей, збiрае навiны i потым раздае iх сялянам пад вечар. I кладзе ў куток рука кавалачак цукру цi лье парное малако 
ўначы пад вароты, ведаюць старажылы — нiколi не пакiне ў бядзе бог, якому яны ў голас моляцца i пачастункi кожны дзень ахвяруюць. 
  
Гэта былi тыя часы, калi прыгажосць жыла побач з праўдай, а хлусня дзялiла свой ложак разам з пачварствам. Даўно гэта было, вельмi даўно, нават самы стары дуб у лесе не успомнiць пра тыя чароўныя старажытныя часы. Дык вось жыў у адным лясным краі Майстар, ткаў ён габелены з розных траў, палявых кветак i свету начнога. Кожны са звяроў дапамагаў яму чым толькi мог — зубры на сваiх магутных рагах зорачкi прыносiлi, ваўкi туман сцераглi, каб ён побач у Майстра пад рукой знаходзіўся, маленькiя вавёркi iглiцу апаўшую збiралi ды ў кошык плецены роўненька скiдвалi, калi патрабуецца раптам сшыць вясёлы лясны гоман разам з золкiм  шэрым свiтанкам. 
Добры гэта быў чалавек, заўсёды людзям дапамагаў: народзiцца дзiцятка ў сялянскай сям’i, ён  адразу падарунак прышле — коўдру мяккую з цёплага i лагоднагу iмху, на якой такiя выразныя фарбы, што не плача малое нiколi, а толькi вочкамi сваiмі шырока-расплюшчанымi на дзiва дзiўнае паглядае. А калi вяселле па вёсцы пяе i танчыць, паглядзiце на нявесту маладую, на яе, як воблака легкую пасля дажджу сукенку. Пералiваецца яна пад сонечнымi праменямi, як каштоўныя замежныя камянi, як заморскiя перлы з караламi i не дзяўчына здаецца iдзе пад вянец, а дачка малодшая нейкага заможнага бога. Смяюцца людзi i ад смеху iхняга на сэрцы вельмi добра робiцца, хочацца i самому добрае рабiць i другiм дапамагаць. 
Слава пра творы майстра нават далёкiя замежжы закранула, пачалi каралi розныя ды прынцы сабе габелены шукаць, вялiкiя грошы плацiлi, толькi не маглi iх каля сябе утрымаць, бо ў сквапных i агiдных руках парухнелi раптам габелены i смеццем шэрым станавiлiся. 
Ды быў яшчэ адзiн вельмi дрэнны гаспадар паўночных зямель, ён не шукаў, каб нешта купiць, ён прыходзiў са сваiм незлiчоным войскам i ўсё сабе забiраў. Напаў Чорны Гаспадар аднойчы на край, дзе жыў Майстар i абрабаваў яго за адну толькi ноч, бо народ месцячковы нiколi ў свaiх руках зброi не трымаў, акрамя сякеры цi рыдлёўкi. Загадаў ён прывесцi Майстра да сябе i адразу жаданне сваё прамовiў — за тры днi i тры начы павiнен чалавек яму габелен зрабiць i такi, каб той, хто яго мець будзе, усiм светам валодаў бы, а не дык спалiць Чорны Гаспадар лясы, лугi, рэчкi i азёры, попелам засыпле, а народ увесь у палон возьме на часы вечныя. 
Што рабiць застаецца — пайшоў Майстар у лес, сабраў усiх звяроў, птушак нават самых маленькiх i разам яны да старажытных багоў сваёй зямлi з прамовай звярнуліся. 
Дапамаглi словам мудрым сваiм багi, але папярэдзiлi Майстра — за тое, каб на зямлю зноў спакой ды мiр усталяваліся, павiнен ён сваё жыццё за людзей аддаць. Згоду выказаў Майстар. 
Тры дні i тры ночы працаваў амаль без перапынку чалавек: лес, неба, воблакi i нават свавольнiк-ветрык — усе дапамагалi яму. I па сканчэнні трэцяй ночы, пад самую золкую ранiцу, саткаў Майстар свой дзiўны габелен. Вісеў ён у паветры, як жывая iстота, i нават полымя вогнiшча, гледзячы на яго, не магло гучна ўздыхнуць. А зорачкi нават апрытомiлi ад такого незямнога хараства. Невядомыя нiкому рыскi i знакi,  неверагодныя фарбы ляглi цудам у аснову габелена. 
Праца была завершана, прыскакаў на канi Чорны Гаспадар, але слова свайго трымаць не стаў — загадаў палiць вёскi, людзей у палон браць. Закрычалi, залямантавалi жанчыны, заплакалi ў голас дзецi, мужыкі за калы ўзяліся, але як  затрымаць войска незлiчoнае? 
Толькi Майстар каля габелена адзiн застаўся, спачатку хмурны быў, а потым усмiхнуўшыся, песню незнаёмую заспяваў i над лесам сонейка жоўтае ўзыйшло. Здалося быццам увесь лес яркае полымя ахапіла. Промнi сонечныя па вадзе прабеглi i зазiхацела рака таксама.  Залатыя хвалi залiлi абшары i пагоркі, якiя яшчэ салодка спалi i, як толькi залатая хваля прайшоўшы над самым лесам, дакранулася да жывога габелена сваiм святлом, пыхнуў той бязгучна i знік у полымі сонечнага ранку. А разам з iм знiклi, як мoкрыя плямы халоднага туману, i Чорны Гаспадар  і  войска яго вялiкае, быццам i не было iх нiколi. 
Людзi пачалi дзякаваць Майстру, але i ён таксама некуды знiк… Толькi над лесам раптам з’явiлася цудоўная расфарбаваная вясёлка. Яна вiсела над зямлёй i разам з сонейкам дарыла ўсяму жывому такую пяшчоту i цяпло, што хацелася дакрануццца да яе ўсiм сваiм сэрцам. 
Напэўна, гэта багi з удзячнасцю за сваю ахвяру Майстра ў вясёлку ператварылi, а можа ён сам так зрабiў, каб не было спакусы дрэнным людзям яго творы для дрэнных спраў сваiх выкарыстоўвываць. 
Гэта было ў тыя часы, калi людзi не забываліся  пра смак сваёй роднай мовы, з нейкай таямнiчай асалодай распавядалi дзецям казкi i спявалi свае цудоўныя песнi, калi кожнае слова набывала сваю моц i сэнс толькi на роднай зямлi, калi моладзь паважала старых i, калi побач   з людзьмi жылi старажытныя бaгi. 
Сяргей Брандт,  08.06.2014                                                                       
 								 	
						
		
								
										Прыцягнуць водар ад ракi 
Духмяных траў, смалiстай хвоi, 
На сваiх крыльцах матылькi 
I растрасуць з дажджом па полi. 
  
Вясёлкi дзiўнай круглы дах 
Над лесам сцягам застанецца. 
I з родным спевам на жнiвах 
Кране абшар лагодна сэрцы. 
Дзень за пагоркам прападзе, 
Пракрочыць пыльна па сцяжынцы. 
А зорак жменька на вадзе 
Прымерыць вабныя хусцiнкi. 
Такi вось летнi цудны сон, 
Якi праз вокны срэбрам льецца. 
З язмiнам, што памiж акон, 
З цянямi, што ўвайшлi ў сенцы. 
Сяргей Брандт, 07.06.2014                                            
 								 	
						
		
								
										Ішла ў дзіцячы сад дзяўчынка Алёнка са сваімі лялькамі — Медзведзянем і Ліскаю. І трэба было ім перайсьці вуліцу. Вось і кажа дзяўчынка Алёнка Лісцы з Мішам: 
— Не ідзіце цяпер, бо трэба чакаць, пакуль светлафор зяленым святлом засвеціцца. 
— А калі мы хуценька? — адказваюць Ліска з Мішам. 
Ды й пабеглі. 
А ехаў па дарозе Зайчык на машыне. Ен ехаў вельмі хутка і не паспеў затармазіць. 
Бачыце: у Зайчыка разбіта вушка, Мядзведзяняці лапу адарвала, Лісцы — хвосцік. 
Прыехала хуткая дапамога. 
Забраў лекар Мішку, Ліску і Зайчыка і павёз у бальніцу. 
Плача Ліска. Плачуць Мішка з Зайчыкам. 
Ўжо не гуляюць яны ў двары, а ляжаць у бальніцы. 
Вельмі шкада іх дзяўчынцы Алёнцы. 
— Больш ніколі-ніколі не буду так вуліцу пераходзіць, — кажа дзяўчынцы Аленцы Мішка. 
— І я… — абяцае Ліска. 
І ўжо цяпер, сапраўдна, як выйшлі яны на вуліцу, то чакаюць, калі на светлафоры будзе зяленае святло. 
— А цяпер хадзем, — кажа дзяўчынка Алёнка. 
І яны пайшлі. А ў дзіцячым садку распавялі дзеткам, калі можна пераходзіць вуліцу: толькі тады, як светлафор зяленым агеньчыкам засвеціцца. 
(Пераклад з украінскай Максіма Надтачэя.) 
  
             
  
 								 	
						
	
					
 | 
				
Рэкамендуем:
  
 
		 
 | 
			
 | 
Новыя каментары